ЛІ́ДСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1901—18 у г. Ліда. Лідская мужчынская гімназія — сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Засн. ў 1913 у складзе 2 класаў, у 1914 адкрыты 3-і і падрыхтоўчы класы. Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. У 1913 было 74, у 1914—167 навучэнцаў. Праіснавала да 1917. Лідская жаночая гімназія Ф. Л. і В. С. Навіцкіх — прыватная сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Адкрыта ў 1901 на базе 2-класнага пав. вучылішча як 4-класнае жаночае вучылішча. У 1906 пераўтворана ў 6-класную прагімназію. У 1910 адкрыты 7-ы клас; 21.6.1910 ёй нададзена права ўрадавай гімназіі. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1914 было 227, у 1915—198 навучэнцаў. У 1914 гімназію скончылі 18, у 1916—26 чал. У Л.г. вывучаліся: Закон Божы, іудзейскае веравучэнне, рус. мова і славеснасць, чыстапісанне, ням. і франц. мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, гісторыя, маляванне; у мужчынскай гімназіі дадаткова выкладаліся гімнастыка, у жаночай — рукадзелле.
т. 9, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)